Любоў і павагу да мовы продкаў трэба выхоўваць з маленства. На ўроках роднай мовы і літаратуры дзеці адкрываюць цудоўны свет беларускай пісьменнасці, яе адметнасць.
Намінацыя: Электронны адукацыйны рэсурс у пачатковым навучанні (пачатковай адукацыі)
Назва: Сеткавы адукацыйны рэсурс «Беларуская мова: цікава, весела, з карысцю»
Установа адукацыі: ДУА «Давыдоўская сярэдняя школа» Светлагорскага раёна.
Праект аб'ядноўвае распрацаваныя калектывам аўтараў разнастайныя займальныя інтэрактыўныя заданні па беларускай мове на I ступені навучання. Займальныя заданні-гульні дазваляюць узбагаціць змест урока, стымуляваць пазнавальную актыўнасць вучняў, падтрымліваць цікавасць да прадмета. Заданні могуць выкарыстоўвацца на любым этапе ўрока ці ў пазаўрочнай дзейнасці ў залежнасці ад пастаўленых мэтаў. Даступная навігацыя і лёгкасць у выкарыстанні дазваляюць самастойна працаваць з мультымедыйнымі практыкаваннямі не толькі настаўніку, але і вучням.
Асноўная ідэя: Развіццё кожнага вучня праз развіццё яго цікавасці да прадмета - толькі ў гэтым залог поспеху навучання
Праблема: зніжэнне цікавасці да вывучэння беларускай мовы;
Мэта: развіццё цікавасці да вывучэння беларускай мовы; павышэнне эфектыўнасці навучання ў пачатковай школе.
Дадатковая мэта: аптымальнае выкарыстанне часу і сіл педагога, пашырэнне яго метадычных магчымасцей.
Задачы:
1. Адабраць і сістэматызаваць дыдактычны матэрыял.
2. Распрацаваць інтэрактыўныя гульні на базе сэрвісу web 2.0 LearninApps.org.
3. Распрацаваць і рэалізаваць сцэнарый структуры прадукту: меню, навігацыю, рэкамендацыі па рабоце з рэсурсам.
Перавагі:
Выкарыстанне гульні. Гульні застаюцца адным з вядучых відаў дзейнасці вучня на I ступені навучання. Менавіта ў гульні дзеці малодшага школьнага ўзросту лепш засвойваюць веды.
Вобразнасць і нагляднасць. Уключэнне новага матэрыялу ў наяўную сістэму ведаў адбываецца больш паспяхова пры выкарыстанні нагляднасці.
Падтрыманне цікавасці да прадмета. У дзяцей малодшага школьнага ўзросту ярка выяўлены пазнавальны інтарэс, аднак ён нестабільны, займальныя заданні дазваляюць падтрымаць і ўмацаваць цікавасць да вывучэння беларускай мовы.
Разнастайнасць заданняў. Выбар разнастайных форм прадстаўлення заданняў дазваляе паўтараць адну і тую ж тэму пры захаванні эфекту навізны.
Шырокія магчымасці для стварэння сітуацыі поспеху. Дзеці ў пачатковых класах вельмі адчувальныя да пахвалы, іх самаацэнка нярэдка завышана, а пры сутыкненні з цяжкасцямі вучань можа страціць веру ў свае сілы.
Пазітыўны настрой. Эмацыйны настрой адыгрывае немалую ролю ва ўспрыманні навучальнага матэрыялу дзецьмі малодшага школьнага ўзросту. Займальны матэрыял выклікае яркія пазітыўныя перажыванні, якія спрыяюць засваенню ведаў.
Ўлік санітарна-гігіенічных патрабаванняў да выкарыстання ЭАР. Працягласць працы з інтэрактыўным заданнем складае ад 1 да 10 хвілін, што адпавядае патрабаванням да выкарыстання камп'ютарнай тэхнікі ў пачатковых класах.
Адрас праекту:
Праект рэалізаваны на базе школьнага сайта ДУА «Давыдоўская сярэдняя школа» https://davidovka.schools.by/. Стартавая старонка праекта https://davidovka.schools.by/pages/ii-praekt-galovnaja. Праект працягвае інтэнсіўна развівацца і папаўняцца.
Інтэрактыўныя заданні-гульні арганізаваны ў два каталогі: мэтавы і тэматычны, што дазваляе настаўнікам аптымізаваць пошук неабходнага матэрыялу ў залежнасці ад тэмы і мэты заняткаў.
У праекце выкарыстоўваюцца разнастайныя займальныя заданні: вершы, загадкі, крыжаванкі тэкставыя і крыжаванкі з ілюстрацыямі, заданні на супастаўленне, падбор пар, класіфікацыю, парадак і інш.
Спасылка на відэакейс: https://youtu.be/l0Vr00aMs6c
Тэхнічныя патрабаванні да камп’ютара і прылад:
Падключэнне да сеткі Інтэрнэт
Браўзер, які падтрымлівае Adobe Flash
Спіс літаратуры:
Жуковіч М.В. Сучасныя педагагічныя тэхналогіі на ўроках беларускай мовы і літаратуры. - Бяроза, [паміж 2005 і 2009]. — 89 с.
Жуковіч М.В. Актыўныя адукацыйныя тэхналогіі па фарміраванні свабоднай асобы вучня на ўроках беларускай мовы, літаратуры і пазакласных мерапрыемствах. – Мн.: б/в, 2012. — 93 с.
Лепешаў І.Я. У фразеалагічную скарбонку. Даведнік. - Гродна, 2004. – 149 с.
Сторажава Н.А. Мова твая і мая. Вучу дзяцей па-беларуску. - Мінск: Выд. А.Ванін, 1993. — 80 с.
Спіс літаратуры з практычным матэр'ялам
У працы пераважна выкарыстаны ілюстрацыі, даступныя для некамерцыйнага і камерцыйнага выкарыстання без атрыбуцыі, і ілюстрацыі, даступныя на ўмовах ліцэнзіі Creative Commons.